Тэма 9.2. Фанетычны прынцып арфаграфіі і правілы, якія грунтуюцца на гэтым прынцыпе

 

Напісанне слоў ці іх частак грунтуецца на адпаведных прынцыпах арфаграфіі. Такіх прынцыпаў у беларускім правапісе два – фанетычны і марфалагічны.

Фанетычны прынцып патрабуе поўнай адпаведнасці паміж гучаннем і напісаннем слова (яго часткі), перадачы на пісьме пазіцыйных чаргаванняў, напрыклад [о] –[а], [л] – [ў], [в] – [ў] і інш.: дом – дамы, трава – траўка, пісалі – пісаў.

На фанетычным прынцыпе грунтуюцца правілы акання і якання (стол – сталы, вёсны – вясна, цэны –цана, зелень – зялёны), напісанне спалучэнняў галосных іё (ыё), ія (ыя), уа і іншых у іншамоўных словах (біёлаг, але біялогія; патрыёт, патрыятычны, вуаль), прыстаўных літар (восень, вугаль, аржаны, іржышча), прыставак на з- (развіць, але раскусіць), злучэнняў зычных зн, сн, сл (на месцы этымалагічных здн, стн, стл) (позна, посны, паслаць), літары ц на месцы злучэнняў кс, тс, цс, чс (мастак – мастацкі, студэнт – студэнцкі, кравец – кравецкі, чытач – чытацкі) і іншыя напісанні [4, c. 45–46].

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй беларускага правапісу аканне на пісьме перадаецца наступным чынам.

“1. Галосныя гукі [о], [э] ў ненаціскным становішчы чаргуюцца з [а]: дом –– дамы', мо'ва –– маўле'нне, цэ'гла –– цагля'ны, шэпт –– шапта'ць.

  1. Незалежна ад паходжання слова гук [о] ў ненаціскных складах вымаўляецца як [а], што перадаецца на пісьме: гара', вада', баранава'нне, ко'лас, хо'лад, бало'та, Бандарэ'нка, Ко'ханава, Ку'нцава, Гаме'р, Сакра'т, арганіза'цыя, педагагі'чны, электара'т, харэагра'фія, заало'гія.

Не падпарадкоўваюцца аканню словы са спалучэннямі ро, ло, якія чаргуюцца з ры, лы: кроў –– крыві' –– крыва'вы, дро'вы –– дрыво'тня, кро'шка –– крышы'ць, бро'вы –– брыво', гром –– грымо'ты –– грыме'ць, брод –– брысці', гло'тка –– глыта'ць, бло'хі –– блыха'.

  1. У словах славянскага паходжання і запазычаных словах, цалкам адаптаваных у беларускай мове, галосны [э] ва ўсіх ненаціскных складах чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: стрэ'хі –– страха', шэ'ры –– шарэ'ць, чэ'ргі –– чарга', крэмль –– крамлёўскі, жэ'мчуг––жамчу'жына, арэ'нда –– арандава'ць, майстэ'рня –– ма'йстар.

Ва ўласных імёнах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў у ненаціскных складах гук [э] падпарадкоўваецца агульным правілам акання –– пасля цвёрдых зычных ён чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: Беразіно', Чарапаве'ц, Жамчу'жнікаў, Чарнышэ'ўскі, Шаўчэ'нка, Чалю'скін, лі'тара, транслітара'цыя.

  1. Перадача на пісьме [э] ў іншых запазычаных словах у ненаціскных складах асновы вызначаецца наступнымі правіламі:

у пачатку слова [э] перадаецца на пісьме літарай э ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем: экано'мія, экза'мен, эква'тар, этажэ'рка, элеме'нт. Літара э пішацца пасля прыставак і ў другой частцы складанага слова: праэкзаменава'ць, трохэлеме'нтны, квінтэсэ'нцыя;

пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц] пішацца э: жэто'н, Жэне'ва, Жэра'р, жэлаці'н, чэкме'нь, рэспу'бліка, рэфо'рма, Рэма'рк, рэкла'ма, рэа'ктар, рэві'зія, агрэга'т, рэжы'м, рэко'рд, рэе'стр, рэвалю'цыя, дэта'ль, гардэро'б, Дэтро'йт, Дэфо', дэлега'т, дэманстра'цыя, о'рдэн, тэо'рыя, тэа'тр, тэлегра'ф, тэлефо'н, ветэра'н.

  1. У запазычаных словах напісанне э і а пасля зычных, акрамя шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц], вызначаецца па слоўніку: панэ'ль; але: шыне'ль.
  2. Ненаціскныя фіналі -эль, -эр у запазычаных словах перадаюцца як -аль, -ар: шні'цаль, шпа'таль, мі'таль, фо'рталь, ка'рцар, грэ'йдар, лі'дар, камп’ю'тар, пэ'йджар, рэйсфе'дар, эспа'ндар, тэ'ндар, о'рдар, ме'неджар, фарва'тар, а'льма-ма'тар, кра'тар, прэсві'тар.

Ненаціскныя фіналі -эль, -эр ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання перадаюцца нязменна: Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр [8, с. 8-9].